29 марта 2024, 13:10
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Четверг, 14 марта 2019 05:56

Масленіца

Напярэдадні Вялікага посту па традыцыі жыхары і госці Касцюкоўшчыны з размахам праводзілі зіму і сустракалі вясну. У лепшых народных традыцыях весяліўся ў гэты дзень народ.

Першай прыкметай, якая нагадвала, што тут праходзіць масленіца, быў пах гарачых бліноў і іншых страў беларускай кухні, які разносіўся па ваколіцы. Яшчэ за некалькі гадзін да прыходу доўгачаканых гасцей лепшыя кухары гандлёвых прадпрыемстваў «Цэментгандаль», раённага спажывецкага таварыства накрылі шыкоўныя сталы, каб на ўсіх хапіла пачастункаў. Сярод самых запатрабаваных страў былі бліны і шашлыкі.

І пакуль адны частаваліся, другія з задавальненнем назіралі за падзеямі, якія адбываліся на сцэне.

Галоўнымі героямі тэатралізаванай канцэртнай праграмы выступілі Вясна і Зіма, Белы і Зялёны Скамарохі-зазывалы і ўсе масленічныя дні: Зайгрышы, Лакамка, Разгуляй, Цешчыны вячоркі, Залоўкіны пасядзелкі, Даравальная нядзеля.

Упершыню за многа гадоў Зіма і Вясна вырашылі святкаваць Масленіцу разам. На сцэну завіталі і беларускія цыгане, і лыжачнікі, каб дзяўчат прывабіць, і зяць прыходзіў да цешчы, каб палакаміцца, і залоўку правяралі, ці рухавая, і нават кум-выпівоха Андрэй таксама прыйшоў на Масленіцу, каб знайсці сабе прывабную нявесту.

Самае галоўнае вясёлае непаразуменне чакала ўсіх гледачоў на Даравальнай нядзелі, калі на сцэну завіталі Мар’я і Дар’я. Дар’я так захапілася з’яданнем бліноў, што з’ела самы галоўны блін-Зберагальнік і стала шырокай і тлустай, як Масленіца. І каб нашы родныя Касцюковічы не засталіся без зачура, Масленіца ўсіх запрасіла на вялікі святочны карагод да вогнішча!

Стваралі незабыўныя вобразы калектывы Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу, Муравільскага, Тупічынскага, Сялецкаўскага, Беладубраўскага сельскіх Дамоў культуры і Пралетарскага клуба-бібліятэкі. Аўтарам сцэнарыя стала Святлана Даськова і ўсе кіраўнікі ўстаноў культуры раёна.

Не абышлося і без звычайных для гэтага свята спаборніцтваў. Адны спрабавалі свае сілы ва ўзняцці гіры і падцягванні, іншыя правяралі сваю трапнасць у дартсе. Па выніках спаборніцтваў пераможцы конкурсаў атрымалі дыпломы. Сярод каманд лепшай аказалася каманда БЦК, на другім месцы — лясгаса, на трэцім — раённай гімназіі. А самыя смелыя і спрытныя мужчыны адважыліся дастаць прызы са слупа. Сярод іх Паўлік Сергіенка. Ён зняў тры пакеты з падарункамі з чатырох. Першы раз залез сам, а апошнія дапамаглі сябры. Выкарыстаў кемлівасць: хлопцы сталі ў выглядзе вежы адзін на аднаго, а Паўліку трэба было залезць на ўсіх па чарзе, крыху яшчэ падняцца па слупу і — але гоп — падарункі былі зняты.

Шмат забаў было арганізавана для дзяцей малодшага ўзросту. Хлапчукі і дзяўчынкі з задавальненнем і азартам спаборнічалі ў гульнях з мячом, абручамі. Акрамя таго, кожны мог набыць сувеніры ад майстроў Касцюкоўшчыны.

Атрымаўшы масу ўражанняў, госці свята змаглі паўдзельнічаць і ў галоўным масленічным абрадзе — спальванні пудзіла, якое ўвасабляе ў сабе адыходзячую зіму.

Смела можна зрабіць выснову: свята атрымалася! Вясна прыйшла!

© 2013-2023
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт