На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі кіраўніцтва раёна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Чарнышоў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і калектываў, моладзь.
Права адкрыць памятны знак і ўскласці да яго кветкі прадставілася людзям, якія зрабілі гэты падарунак: старшыні райвыканкама Аляксандры Міхеенка, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэткі Наталлі Азаранка, дырэктару ААТ «Беларускі цэментны завод» Ігару Сяргееву.
Аляксандра Мікалаеўна павіншавала жыхароў і гасцей горада са знакавай падзеяй у культурным жыцці Касцюкоўшчыны:
— Сёння мы адкрылі памятны знак «Літаратурная спадчына», а разам з ім і выдатную культурную пляцоўку для правядзення вольнага часу моладдзю, жыхарамі і гасцямі нашага горада. І вельмі сімвалічна, што гэта адбылося ў Год гістарычнай памяці. Мы яшчэ раз пацвярджаем, што памятаем, захоўваем і засцерагаем ўсё, што засталося нам у спадчыну ад продкаў. Мы ганарымся тым, што Касцюковіцкая зямля падарыла Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, памяць пра якія шчыра ўшаноўваюць на радзіме. Тут праходзіць фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», які стаў сапраўдным брэндам Касцюковіцкага раёна. Адсюль вядуць свой радавод Аляксей Русецкі, Васіль Хомчанка, Леанід Левановіч і Сямён Пацёмкін. Літаратурнае жыццё нашага горада б’е ключом і ў цяперашні час. Сёння эстафету вядомых майстроў слова працягваюць іх калегі-паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — Наталля Азаранка, Аляксандр Бардоўскі, Віктар Патапенка і многія іншыя.
Хачу з упэўненасцю сказаць, што Касцюковіцкі раён па праве можа ганарыцца сваімі паэтамі і пісьменнікамі. Сёння іх імёны вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Нашых знакамітых суайчыннікаў любяць і памятаюць! Цяпер і ў нас ёсць месца, куды мы можам прыйсці, каб аддаць належную памяць іх выдатнаму таленту.
Я хачу выказаць падзяку ўсім, хто мае дачыненне да гэтай падзеі. У першую чаргу Наталлі Азаранка, якая звярнулася да мяне з прапановай аб увекавечанні памяці паэтаў і пісьменнікаў Касцюковіцкай зямлі. І вядома генеральнаму дырэктару Беларускага цэментнага завода Ігару Алегавічу Сяргееву і яго камандзе работнікаў, якія спраектавалі і вырабілі гэты знак.
Кіраўнік раёна выказала на-дзею, што дадзеная пляцоўка стане месцам прыцягнення не толькі творчых людзей, але і любімым месцам прагулак жыхароў Касцюковічаў і яшчэ адным аб’ектам для фотасесій, сустрэч моладзі і сямейнага адпачынку.
Стваральнікі аб’екта — галоўны канструктар БЦЗ Ігар Ператока, мастак-канструктар гаспадарчага аддзела Анатоль Дычанскі і работнікі рамонтна-механічнага цэха на чале з начальнікам Яўгенам Кісялёвым: майстар Яўген Сакаткоў, электрагазазваршчык Віктар Лахмакоў, слесары-рамонтнікі Руслан Аляксеенка, Аляксандр Станавы, Дзмітрый Панкраценка — атрымалі падчас мерапрыемства ўзнагароды.
Наталля Азаранка ад Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і ад сябе асабіста падзякавала кіраўніцтва раёна і ўсіх, хто прыняў удзел у стварэнні памятнага знака, асновай для якога стала падкова. Менавіта яна ўпрыгожвае герб Касцюковіцкага раёна, бо калісьці Касцюковічы славіліся коннымі кірмашамі, таму лепшыя падковы каваліся тут, на нашай зямлі. З даўніх часоў лічыцца, што падкова — гэта сімвал шчасця, свайго роду, ахоўны талісман. Звязана гэта з тым, што яе нараджэнне адбывалася ў кузні ў спалучэнні з вогненнай сілай распаленага металу і разумнай сілы каваля, калі з чагосьці бясформеннага нараджаецца нешта новае і прыгожае. Так і вогненнай сілай душы ў спалучэнні са светлай думкай, натхненнем і майстэрствам творцы, з шэрагу слоў і эмоцый нараджаецца прыгожы літаратурны твор. Ён тут жа кладзецца на паперу, у выніку мы маем верш, альбо аповяд, з якіх, у сваю чаргу, складаецца кніга —
каштоўны скарб, якая ва ўсе часы застаецца самым папулярным носьбітам інфармацыі. На памятным знаку адна кніга закрытая, яна адлюстраванне нашай літаратурнай спадчыны, як маналіт, падмурак, які нельга разбурыць ні часам, ні лёсам. Другая — адкрытая, сімвал дастойнага працягу пісьменніцкай дзейнасці ў наш час.
Радкі, напісаныя Алесем Пісьмянковым, залатымі літарамі ўпрыгожылі раскрытыя старонкі кнігі:
Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
Шчасліўчык, адораны лёсам,
І кожны падумаў: дамоў панясе!
А ён шпурлянуў у нябёсы:
«Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!»
Сувеніры ў выглядзе падковы, вырабленыя майстрамі раённага Дома рамёстваў, першымі атрымалі паважаныя госці ў якасці падарунка.
Знакамітая «Алеся» на вершы Аркадзя Куляшова прагучала ў выкананні народнага ансамбля «Этыкет» Касцюковіцкага раённага Цэнтра культуры, а песню «Неба сінь» на словы Наталлі Азаранка выканаў аўтар музыкі Дзяніс Леаненка.
P. S. Каб больш падрабязна даведацца пра багатую літаратурную спадчыну Касцюкоўшчыны, можна выкарыстоўваць QR-код «Касцюкоўшчына літаратурная». Дадзены інфармацыйны рэсурс уключае звесткі аб жыцці і творчасці літаратараў, ураджэнцаў нашага раёна.