19 апреля 2024, 22:58
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Четверг, 23 мая 2019 09:05

На Касцюкоўшчыне прайшоў V рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг»

Касцюкоўшчыну часта называюць «радовішчам паэтаў і пісьменнікаў». І гэта, сапраўды, так. Наша зямля падарыла свету такіх таленавітых людзей, як Іван Чыгрынаў і Аркадзь Куляшоў, Аляксей Русецкі і Васіль Хомчанка, Масей Сяднёў і, вядома ж, Алесь Пісьмянкоў, у гонар якога і быў названы фестываль.

Вось ужо пяты раз свята збірае сяброў і аднадумцаў: паэтаў і песеннікаў, артыстаў і рамеснікаў, мастакоў і музыкаў, і ўсіх тых, хто шануе памяць аб самабытным паэце, спеваку роднай зямлі Алесе Пісьмянкове.

Пачаўся фестываль з урачыстага адкрыцця на сцэне амфітэатра, удзел у якім прынялі кіраўнік Касцюковіцкага раёна Дзмітрый Малашанка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Петрусевіч і шматлікія госці — паэты і пісьменнікі Беларусі і Расіі на чале са старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Казекам.

Пасля адкрыцця фестывалю дэлегацыя адправілася на гісторыка-культурны аб’ект «Пісьмянкоў луг» у вёску Бялынкавічы — малую радзіму паэта, дзе ўсклала кветкі да памятнага знаку. Вітала гасцей намеснік старшыні райвыканкама Ірына Петрусевіч.

Землякі Алеся Пісьмянкова — жыхары вёскі Бялынкавічы — былі рады сустрэчы. Ды і сам паэт радаваўся, назіраючы за тым, што адбываецца, з нябёсаў. Хочаце верце, хочаце не, але ў хвіліну адкрыцця свята на небе з’явіліся два буслы і пачалі кружыць над людзьмі.

І пакуль вяскоўцы слухалі выступленні творчых калектываў СДК, у горадзе свята было ў самым разгары...

Святочная праграма «Песні роднай зямлі» на галоўнай сцэне амфітэатра ўключала выступленні народных ансамбляў Хоцімскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Чавускага, Горацкага, Чэрыкаўскага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці, спевакоў з горада Гомеля, а таксама бліц-конкурс мастацкага чытання вершаў Алеся Пісьмянкова ў выкананні гасцей мерапрыемства.

У гарадскім скверы ў гэты час працавала тэатральная пляцоўка «У далонях маёй Беларусі», на якой дэманстравалі драматычныя і аўтарскія пастаноўкі прафесійныя артысты з Магілёўскага, Быхаўскага, Глускага, Бялыніцкага, Клічаўскага, Слаўгарадскага, Асіповіцкага і Хоцімскага раёнаў. Гледачы ад малога да вялікага атрымлівалі асалоду ад акцёрскага пераўвасаблення ў п’есах беларускіх драматургаў, а таксама аўтарскіх інсцэніроўках тэатралаў. Тут жа інтэрактыўная літаратурная пляцоўка «Пад крыламі буслоў» сабрала актыўных прыхільнікаў вершаў знакамітага земляка сярод школьнікаў.

У гарадскім скверы разгарнулася работа сапраўднай майстэрні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рамеснікаў з усёй Магілёўскай вобласці, з гарадоў Гомеля і Оршы. Таленавітыя майстры здзіўлялі майстар-класамі па ткацтву паясоў, разьбе па дрэве, саломапляценні і бісерапляценні, выгатаўленні берасцяных вырабаў і імянных скрыначак з фанеры, па вышыванні.

У гэты час у раённым Цэнтры культуры адбыўся конкурс аўтарскай песні, у якім прымала ўдзел 22 выканаўцы. Сярод касцюкаўчан у намінацыі «Аўтар-выканаўца» Канстанцін Стальмакоў заняў другое месца, у намінацыі «Аўтар тэксту» першага месца быў удастоены Уладзімір Жураўлёў, трэцяга — Сяргей Маргелаў, у намінацыі «Аўтар музыкі» першае месца ў Дзяніса Леаненкі, у намінацыі «Індывідуальныя выканаўцы, вакальныя ансамблі» трэцяе месца мае народны ансамбль «Калініца».

У дзіцячай школе мастацтваў прайшлі Пісьмянкоўскія паэтычныя чытанні «У родным слове цэлы свет» з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі: Аляксандра Казекі, Уладзіміра Ясева, Валянціны Габрусевай, Вольгі Бяловай, Мікалая Леўчанкі, Наталлі Азаранкі, ганаровага госця — сына Аляксея Сцяпанавіча Русецкага — Уладзіміра Бурдзялёва, літаратурнага аб’яднання «Арт-кафэ на Ірынінскай» на чале з кіраўніком Дзмітрыем Нілавым, удзельнікаў міжнароднага клуба «Натхненне» з г.п. Ершычы Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі, а таксама маладых паэтаў.

На ўрачыстым закрыцці фестывалю «Крыніца душы» адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў паэзіі, аўтарскай песні, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і бібліятэчных выстаў-прэзентацый.

Сярод касцюкаўчан былі ўзнагароджаны у конкурсе паэзіі за II месца Лізавета Савосціна (ва ўзроставай катэгорыі 13-18 гадоў), Мікіта Азаранка (ва ўзроставай катэгорыі 19-24 гады), Таццяна Леаненка (ва ўзроставай катэгорыі 25-30 гадоў). У конкурсе выяўленчага мастацтва першае месца заняла Алеся Яленская (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Касцюковіцкая дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў»), другое месца — раённы Дом рамёстваў цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна.

Ганаровыя госці павіншавалі пераможцаў і падзякавалі за арганізацыю свята, пры ўручэнні дыпломаў жадалі кожнаму ўдзельніку поспехаў і новых ідэй.

Прыемным падарункам для прысутных стала вячэрняя эстрадна-забаўляльная праграма «Мы разам!» з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў раёнаў Магілёўскай вобласці. На працягу дня ў горадзе працавалі гандлёвыя рады, гульнявыя пляцоўкі, прапаноўваліся батуты для дзяцей.

© 2013-2023
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт