12 марта 2025, 10:12
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Пятница, 28 февраля 2025 09:19

Цягнік «Клопат» прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсавета

Цягнік «Клопат» прывёз цеплыню і ўвагу жыхарам Сялецкага сельсавета

Дарогі дабрыні — бясконцыя. Зіхатлівым лютаўскім днём у чарговую вандроўку па іх выправіўся цягнік «Клопат».

Першымі ў Сялецкім сельсавеце гасцей сустракалі жыхары вёскі Журбінская Буда. Пра надзённыя пытанні сельскага жыцця з імі пагутарылі прадстаўнікі раённай улады, аддзела ўнутраных спраў, медыцынскі работнік.

Ці ёсць у вяскоўцаў прэтэнзіі наконт якасці працы старшыні сельвыканкама Сяргея Прахарэнкі? Адказ прагучаў адназначны і па-вясковаму шчыры:

— Эдуардавіч усё для людзей робіць! Якія тут прэтэнзіі. Ён сапраўдны, наш чалавек!

Хоць класічна лічыцца, што сярод заўзятых чытачоў пераважна прадстаўніцы жаночага полу, тут кнігі і часопісы ад раённай бібліятэкі разляталіся ў мужчынскія рукі. Пасля гаспадарчых справаў насельнікі Журбінскай Буды любяць правесці вечар над мастацкім словам, асабліва ў марозныя зімовыя вечары.

Сагравалі сэрцы вяскоўцаў любімыя песні ў выкананні Дзяніса Леаненкі і Таццяны Цітовай.

Далей накіраваліся ў вёску Разрытае. Тут жыхарка звярнулася з просьбай дапамагчы ў запісе на медыцынскае абследванне, а таксама паскардзілася на сітуацыю з абаротам алкаголя на вёсцы. На дапамогу прыйшлі ўчастковы інспектар міліцыі і памочнік урача Сялецкай амбулаторыі.

Паколькі да цёплых дзён яшчэ далёка, мясцовым жыхарам нагадалі пра выкананне правілаў пажарнай бяспекі пры карыстанні печамі і пра забеспячэнне пажарнымі апавяшчальнікамі.
А ў Смольках, куды потым прыехаў інфармацыйна-сацыяльны цягнік, адбыўся цэлы канцэрт проста ў памяшканні паштовага аддзялення. Дарослыя і дзеці так захапіліся музыкальнымі нумарамі, што артыстаў двойчы прасілі на біс.

— Абавязкова спойце «Галіну» для нашай Галіны! — такі музычны падарунак аднавяскоўцы замовілі для свайго паштальёна. — І «Вёсачку»!

«Вёсачцы» падпявалі ўсе разам.

— Як добра! Душа павесялела! — усміхалася паштальён Галіна. — Прыязджайце да нас часцей.

Канечне, вырашылі і больш сур’ёзныя пытанні — наконт планавай шпіталізацыі адной з жыхарак. І карысны атрымаўся візіт, і прыемны. На памяць пра сустрэчу зрабілі агульнае фота.

Завяршылі маршрут у Смолькаўскай Будзе.

Зімовыя халады не спыняць ні надыход вясны, ні ўдзельнікаў праекта «Клопат». Бо ў сэрцах неабыякавых людзей, як і ў прагнозах сіноптыкаў, трымаецца заўжды жаданы сонечны «плюс».

Ганна Глінясцікава
Фота аўтара

© 2013-2025
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт