3 мая 2025, 09:38
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Понедельник, 21 апреля 2025 08:16

Вясна-красна, хадзі сюда!

Вясна-красна, хадзі сюда!

У аграгарадку Сялецкае вясну зазывалі. Вяскоўцы памятаюць традыцыі і абрады нашых продкаў і перадаюць іх маладому пакаленню.

Свята «Соракі» лічылася другой сустрэчай вясны — яго адзначалі паміж Стрэчаннем і Дабравешчаннем. Галоўныя ўдзельнікі — дзеці, а асноўныя атрыбуты — печыва ў выглядзе птушачак і драўляныя арэлі са стужкамі.

Жыхары Сялецкага вельмі любяць гэтае свята і праводзяць яго кожны год на «пятачку» ля школы з песнямі, гульнямі, карагодамі. Яно ужо стала сапраўдным брэндам гэтай мясцовасці. Карэспандэнт «ГК» адправілася на свята, каб паглядзець, як нашы продкі вясну зазывалі.

Культработнікі мясцовага ДК і раённага Цэнтра культуры цалкам рэканструявалі абрад. Жанчыны, пераапрануўшыся ў яркія народныя касцюмы і каляровыя хусткі, звонкімі галасамі спявалі песні. Па народных прыкметах лічылася, каб прыйшла вясна, усталявалася добрае надвор’е, а летам быў выдатны ўраджай, неабходна выканаць шэраг дзеянняў. Напрыклад, згуляць у гульню «Вясновыя вароты», калі жанчыны рабілі з хустак імправізаваныя вароты, а дзеці праз іх праходзілі з песнямі і карагодамі. «Вясна-красна, хадзі сюда! А ты, зіма, уцякай за ляса!» — спявалі вяскоўцы. Ці ж абавязкова моладзі трэба пакатацца на арэлях і паклікаць вясну. А яшчэ сур’ёзная ўвага надавалася птушкам. Лічылася, што ў дзень вясновага раўнадзенства прылятае сорак птушак, прыносячы з сабой цяпло. З кужэльнымі птушачкамі, якіх мацавалі да палачак, упрыгожваючы стужачкамі, гулялі дзеці, імітуючы палёт, а папяровых птушачак кідалі на ручніках.

У абрадавых забавах удзельнічаюць усе — і моладзь, і дзеці, і дарослыя.

— Кожны год у нас праводзіцца гэтае цудоўнае свята, на якое мы запрашаем паважаных гасцей, — распавядае старшыня Сялецкага сельсавета Сяргей Прахарэнка. — У гэты раз прыехалі кіраўнік раёна Вячаслаў Мікалаевіч Максачоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ларыса Эліанораўна Герасімава, кіраўнік завода ліцейнай вытворчасці Аляксей Мікалаевіч Шэпель, старшыні сельскіх саветаў.

Па словах Сяргея Прахарэнкі, «Соракі» — не проста свята і брэнд аграгарадка Сялецкае, гэта напамін пра важнасць захавання традыцый. Менавіта яны аб’ядноўваюць пакаленні і натхняюць на новыя здзяйсненні. Такія падзеі пакідаюць глыбокі след у сэрцах удзельнікаў і вучаць шанаваць моманты адзінства і радасці.

Дарэчы, культработнікі сістэматычна праводзяць этнаграфічныя і фальклорныя экспедыцыі, падчас якіх збіраюць інфармацыю. Яна і кладзецца ў аснову рэканструююцца абрадаў. І абавязкова далучаюць дзяцей. Без іх не абыходзіцца ні адзін абрад. У гэтым і ёсць галоўная мэта — выхаванне патрыятызму і любові да сваёй малой радзімы і беларускіх традыцый.

Вольга КРЫВАШЭЕВА
Фота аўтара

© 2013-2025
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт