16 июня 2026, 10:51
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: +375 2245 78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Пятница, 26 сентября 2025 12:23

«Без мэты жыццё будзе неякасным...»

«Без мэты жыццё будзе неякасным...»

25 верасня творчую сустрэчу з моладдзю і іншымі прыхільнікамі яго таленту правёў вядомы беларускі пісьменнік, наш зямляк Віктар Уладзіміравіч Патапенка. Сустрэча традыцыйна прайшла у чытальнай зале раённай бібліятэкі — месце моцы для ўсіх, хто захапляецца літаратурай, хто толькі спрабуе знайсці свой шлях і для тых, хто ўжо стаў сапраўдным майстрам, як Віктар Патапенка. Зусім нядаўна Віктар Уладзіміравіч адзначыў 70-гадовы юбілей, і дырэктар бібліятэчнай сеткі Касцюковіцкага раёна Святлана Федасенка ад імя ўсіх касцюкаўчан павінашавала яго са святам і ўручыла юбіляру кветкі і падарунак.

Больш за гадзіну доўжыўся не маналог пісьменніка і журналіста (а Віктару Уладзіміравічу было што сказаць!), а цёплая і даверлівая гутарка з чытачамі. На роўных. І гэта было цудоўна. Запомніўся адказ Віктара Патапенкі на пытанне аднаго юнака пра тое, што пісьменнік чытае зараз: «Класіку, таму што яна вечная і адказвае на амаль што ўсе пытанні чалавецтва, а шмат якіх сучасных літаратараў трэба чытаць з алоўкам у руцэ. І рэдагаваць, рэдагаваць, рэдагаваць.»

На яшчэ адно пытанне моладзі «Чым кніга мацней за мабільны тэлефон?» пісьменнік адказаў па-філасофску: «Кніга — гэта штосьці жывое і цёплае, сапраўднае, яна заўсёды цуд і таямніца, а сучасны мабільнік — гэта проста халодная рэч, тоны інфармацыі ды і толькі...».

А яшчэ быў наказ моладзі ад Віктара Уладзіміравіча: «Заўсёды вызначайце ў сваім жыцці мэту і дасягайце яе. Чытайце добрую літаратуру. Не забывайце продкаў, родныя мясціны. Будзьце сапраўднымі людзьмі!».

Дарэчы, першыя нататкі будучага літаратара друкаваліся менавіта ў нашай раённай газеце «Сцяг камунізму», а думка стаць пісьменнікам у Віктара з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. У роднай вёсцы Калодзецкая Касцюковіцкага раёна. Наогул, тэма роднага краю, аднавяскоўцаў прысутнічае амаль у кожным творы пісьменніка.

Сваімі добрымі успамінамі пра Віктара Патапенку дзяліліся яго аднакласніца Валянціна Лук’янава, былы кіраўнік народнага аб’яднання «Літаратурная гасцёўня «Крынічка» Лідзія Патапенка, Тамара Хралянок. Цудоўны верш, звязаны з творчасцю пісьменніка, прачытала Святлана Даськова. А школьныя бібліятэкі атрымалі ў падарунак ад аўтара яго новыя кнігі. Адным словам, творчая сустрэча ўдалася. І напрыканцы па добрай традыцыі — агульнае фота.

Ігар Кавалёў
Фота аўтара

© 2013-2026
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт

В государственном регистре ИР и ИС за номером 7822543703 от 1 августа 2025 г.