26 апреля 2024, 07:28
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by
Понедельник, 26 августа 2019 09:36

23 жніўня ў бібліятэцы імя Івана Чыгрынава адбылася прэзентацыя зборніка прозы нашага земляка, літаратара Віктара Патапенкі “Таямніцы шведскага следу”. Удзельнікі прэзентацыі  абмяркавалі новую кнігу і тэмы, закранутыя ў ёй аўтарам

– Віктар Уладзіміравіч, якія таямніцы згадваюцца ў аповесці?

– Гэта перш-наперш знакі, высечаныя на гранітным валуне вагой каля 500 кілаграмаў, які быў знойдзены вясной 1873 года ў мястэчку Раманава, сучасная назва – вёска Леніна Горацкага раёна. Перадгісторыя яго такая: князь Дандукоў-Корсакаў распачаў будаўніцтва каменнай царквы. Ні ў самой вёсцы, ні ў яе ваколіцах не было булыжнага каменю на падмурак будыніне. Таму ўладальнік маёнтка абвясціў збор камянёў з вёсак іншых уладанняў павета. Сяляне прывозілі каменне за ўмоўную плату і складалі ў асобныя груды, каб князю было зручней разлічвацца за іх працу. У кучы камянёў, што былі прывезены з вёскі Пнеўшчына, якая месціцца на правым беразе рэчкі Лядня, князь Дандукоў-Корсакаў знайшоў гранітны валун пірамідальнай формы з выбітымі на абодвух баках знакамі ў выглядзе суцэльнага надпісу. Князь зацікавіўся каменем, адвёз яго ў свой дом у Смаленску і паказаў двараніну Солаўцаву, які доўгі час жыў у Архангельскай губерні. Солаўцаў прызнаў падабенства знакаў на камені з рунічнымі знакамі на Мурманскім беразе. Князь яшчэ больш зацікавіўся знаходкай і даручыў кіраўніку спраў маёнтка двараніну Панятоўскаму агледзець мясцовасць, адкуль былі прывезены камяні, ды зрабіць план мясцовасці. Пасля азнаямлення з допісам Панятоўскага ён прыйшоў да высновы, што з камянёў, якія ляжалі адзін на адным у кучы без сумесі вапны і цэменту, быў складзены курган. На самым яго версе знаходзіўся той самы камень з шырокай асновай і звужваннем двух бакоў уверх. На гэтых двух нахіленых баках меліся знакі. Дзеля таго, каб іх прачытаць, князь Дандукоў-Корсакаў прыехаў на трэці археалагічны з’езд,  які адбыўся ў Кіеве ў жніўні 1874 года. Сярод дэлегатаў не аказалася вучоных, знаёмых з рунічнымі знакамі, таму да яго падышоў толькі доктар Ванкель, навуковец з Маравіі, які вельмі зацікавіўся знаходкай і пажадаў убачыць камень на свае вочы. Яны дамовіліся, што 22 жніўня, пасля заканчэння работы з’езду, доктар Ванкель прыедзе ў Смаленск да князя. Але ў той дзень ён затрымаўся ў дарозе, і Дандукоў-Корсакаў, не дачакаўшыся, выехаў на другі дзень у свой маёнтак Раманава. Спадар Ванкель прыехаў 24 жніўня ў тры гадзіны пасляабедзенага часу. Ён агледзеў камень, які захоўваўся ў карэтным хлеве, зрабіў на паперы накід абрысу літараў, што былі па абодвух баках валуна, і з’ехаў дадому. Літаральна праз некалькі хвілін загарэлася сена ў суседнім доме. Пажар ахапіў і ўсе княжацкія надворныя пабудовы. Дандукоў-Корсакаў прыехаў дамоў на другі дзень. На папялішчы ён не знайшоў Пнеўшчынскага каменя. Той перагарэў і рассыпаўся на дробныя кавалкі. Да гэтага часу надпіс застаецца нерасшыфраваным. З выхадам кнігі ў свет ёсць надзея, што работа над расшыфроўкай працягнецца.

– Ці можна аднесці знакі, высечаныя на гранітным валуне, да раннехрысціянскага часу?

– Так. Землі Касцюкоўшчыны размешчаны паміж дзвюма буйнымі рэкамі –  Сожам і Іпуццю. У старажытнасці яны былі галоўнымі гандлёвымі шляхамі паміж далёкімі краінамі. Сведчаннем гэтага з”яўляецца знаходка ў кургане каля вёскі Калодзецкая бронзавай літай фігуркі з выявай прывязанага да каня чалавека, якая мае скандынаўскае паходжанне. Увогуле, той перыяд хавае ад нас шмат чаго цікавага. І толькі карпатлівая работа археолагаў адкрывае нам вочы на ранейшае жыццё нашых продкаў. Да прыкладу, раннехрысціянскія курганныя пахаванні радзімічаў, якія даволі багатыя на бытавыя рэчы. Так, у курганным могільніку зноў жа маёй роднай вёскі Калодзецкая было даследавана пахаванне па абрадзе трупапалажэння на попельным пласце, вышэй якога ішоў пласт вогнішча-трызны, баявых памінальных ігрышчаў, якія былі прызваныя адагнаць дух смерці ад жывых. У пахаваннях знойдзены шкляныя пацеркі, бронзавыя і білонавыя сяміпрамянёвыя і бранзалетападобныя скроневыя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, шыйныя грыўны, падвескі ў выглядзе званочкаў і крыжыкаў. Што тычыцца пераліку вышэй упамянутых знойдзеных рэчаў. У пачатку сямідзясятага года мінулага стагоддзя мы, вучні Брацькавіцкай сярэдняй школы, таксама прымалі ўскосны ўдзел у пошуку гэтых артэфактаў. Я тады знайшоў на старадаўнім радзіміцкім кургане на сваёй малой радзіме ў в. Калодзецкая бранзалет IX стагоддзя з чаканенымі заглыбленымі трохкутнікамі.

– Якія яшчэ творы надрукаваны ў зборніку?

– Беларуска-польская дэтэктыўная навела “Варшаўскі перыметр” і п’еса “Букет рамонкаў і васількоў”.

– Віктар Уладзіміравіч, пасля прэзентацыі кнігі “Таямніцы шведскага следу”, вы, мабыць, будзеце працаваць над новай кнігай. Ці можна прыадчыніць заслону і крыху заглянуць у будучы літаратурны твор?

– Вядома. У будучай кнізе –  аповесці, эссэ, літаратурна-гістарычныя падарожжы і нарысы пра выдатных творцаў Касцюкоўшчыны. Сюжэты твораў узяты з Магілёўшчыны, а што тычыцца эссэ і літаратурна-гістарычных падарожжаў, дык яны цалкам нашы – касцюковіцкія.

– Цікава чуць сцверджанне “нашы - касцюковіцкія”… Вы жывяце ў Мінску, прычым працяглы час, але смела атаясамляеце сябе з касцюкаўчанамі. Гэта з-за таго, што нарадзіліся тут?

– Не толькі. Але месца народзін для мяне галоўнае. Бо там, дзе закапана твая пупавіна, там цэнтр Зямлі. Адсюль і мае адносіны да Радзімы. Я жыву падзеямі, якія адбываюцца на Касцюкоўшчыне, радуюся і хвалююся, бо праз газету “Голас Касцюкоўшчыны”, праз сайт цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Чыгрынава, праз тэлефонныя размовы з сябрам я маю трывалыя зносіны з родам.

– І якія ж падзеі парадавалі вашу душу?

– Мне, у першую чаргу, радасна ад таго, што на Касцюкоўшчыне распачаўся і ўжо некалькі гадоў ладзіцца фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, што паспяхова працуюць школы мастацтваў і музейная экспазіцыя, што ёсць таленавітыя музыкальныя калектывы і выканаўцы. Словам, культура развіваецца сямімільнымі крокамі. Складнікаў тут шмат, але я хачу звярнуць асобую ўвагу на бібліятэкі. Дзякуючы мерапрыемствам, якія арганізоўваюцца ў іх памяшканнях, людзі, асабліва дзеці, знаёмяцца з асновамі і правіламі жыцця. Кнігу немагчыма замяніць ні праграмамі тэлебачання, ні песнямі на радыёхвалях, кніга – каштоўнасць, якой няма цаны. Адно, што пакуль яшчэ крыху здзіўляе, дык гэта тое, што людзі, асабліва вучні школ, яшчэ не распазналі тое месца, тую станоўчую ауру, я б сказаў, не паспрабавалі смак той духоўнай энергіі, якая акаляе іх у сценах бібліятэкі. Я маю на ўвазе сітуацыю, калі чалавек прыходзіць у чытальную залу бібліятэкі і патанае ў вобразах сюжэта. Гэта найлепшае месца для знаёмства з новым, гэта найлепшае вывучэнне таго ці іншага прадмета, бо побач няма ні тэлевізара, ні халадзільніка з мабільнікам. Я гэта паспытаў на першым курсе ўніверсітэта і, паверце, да гэтага часу прыходжу ў чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі, дзе вакол цябе сотні людзей, а ты іх не заўважаеш, бо набгом чэрпаеш з чыстых кніжных крыніц нейкія новыя ідэі.

Радасна яшчэ і ад таго, што мне ў рукі трапіў зборнік вершаў паэтаў-землякоў пра Касцюкоўшчыну “Ляці, мая песня, над роднаю хатай”, падрыхтаваны работнікамі цэнтральнай бібліятэкі імя Івана Чыгрынава, на старонках якога нечакана пазнаёміўся з творчасцю касцюкаўчанкі, імя якой, вельмі спадзяюся, у будучыні, можа красавацца сярод  лепшых творцаў прыгожага пісьменства Беларусі. Я гэта кажу з гонарам, бо ўсвядоміў розумам і адчуў сэрцам яе вершы. Яны будуюцца згодна класічным правілам, якімі карысталіся ў вершаваных творах нашы паэты-землякі Аркадзь Куляшоў, Масей Сяднёў, Аляксей Русецкі, Таццяна Дзмітрусёва, Міхась Губернатараў; яны адпавядаюць духу, лаканічнасці і стылю, якімі карыстаўся Алесь Пісьмянкоў, калі думаў вершы.  Спадзяюся, што аўтар будзе надаваць увагу літаратурнай працы, што яе паэтычны бег не спыніць быт ці нейкія іншыя прычыны, тады Касцюкоўшчына атрымае выдатную паэтку, творчасцю якой можна ўжо наталяцца зараз. Гэта вершы “Пісьмянкоў луг”, “Рагнеда”, “Каханне праз вайну”, “Мора”…

– Прагну пачуць імя аўтара.

– Гэта – Кацярына Елісеенка! Шчыра зычу ёй поспехаў, бо яна пацалавана богам.

– Нават гэтак? Абавязкова зазірнём у яе паэтычны багаж больш дэталёва крыху пазней, а сёння зычым вам поспехаў у творчай працы на радасць чытачам. Дзякую за цікавую размову!

© 2013-2023
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт