16 июля 2024, 10:39
rubeen
logo

Костюковичский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213640, г. Костюковичи, ул. Ленинская, 93
Приемная: 8-02245-78-103
E-mail: priemnay@kostukovichi.gov.by

«Архітэктурныя помнікі»

Свята-Троіцкая царква в. Самацевічы — Бровар в. Канічы — Каталіцкі касцёл в. Канічы — Свята-Узнясенская царква в. Забычанне

У 1842 годзе ў мястэчку Саматэвічы была пабудавана цагляная Свята-Троіцкая царква (яна існуе на сённяшні дзень, аднак людзі вёскі выселены ў сувязі з Чарнобыльскай трагедыяй).

Царква знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на плошчы. Пабудавана была ў 1842 г. з цэглы. Крыжова-купальны храм з прамавугольным бабінцам, паўкруглай апсідай і пяцігалоўем у завяршэнні. Цэнтры бакавых фасадаў вылучаны рызалітамі, вуглы якіх умацаваны гранёнымі контрфорсамі. Паўцыркульныя вокны храма размешчаны ў верхняй частцы сцен, былі ўпрыгожаны ліштвамі і пілястрамі, кілепадобнымі арачкамі, прафіліяванымі падаконнікамі і сандрыкамі. Цокаль будынка быў вылучаны арнаментальным рабрыстым поясам і крапаваны філёнгамі. У інтэр’еры 4 слупы, злучаныя падпружнымі аркамі, падтрымліваюць высокі светлавы барабан купала. Бакавыя памяшканні перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.

Над уваходам хоры, якія падтрымліваюцца 2 драўлянымі калонкамі стылізаванага іанічнага ордэра. Хоры адкрываюцца ў асноўнае памяшканне арачнымі праёмамі.

Царква — помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.


Бровар знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі. Пабудаваны быў ў 1914 г. з цэглы. Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з двухпавярховай цэнтральнай часткай, якая выступае на галоўным і тыльным фасадах рызалітамі. Дахі бакавых крылаў і цэнтральнай часткі ўзаемна перпендыкулярныя, двухсхільныя, з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Франтальныя фасады маюць сіметрычна-восевую кампазіцыю. Вялікія вокны з паўцыркульнымі імпастамі абрамлены ліштвамі з дэкаратыўным замковым каменем. На першым паверсе цэнтральнай часткі былі прамавугольныя праёмы, на другім—авальныя люнеты. Прасценкі аздоблены пілястрамі з вытанчаным ляпным малюнкам. Будынак увенчаны развітым карнізам і парапетам з фіяламі. Першапачатковая анфіладная планіроўка зменена.

Бровар—помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі неабарока.


Касцёл знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ён быў на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў з цэглы.

Двухвежавы прамавугольны ў плане будынак з выступаючай алтарнай часткай, звонку прамавугольнай, унутры паўкруглай. Фасады не атынкаваны, апрацаваны пілястрамі і завершаны развітым антабелементам. Галоўны фасад трохчастковы, падзелены антабелементам. Завяршэнне вежаў не захавалася. Вокны з паўцыркульнымі імпастамі размешчаны высока. Дэкаратыўнае ўбранне інтэр’ера і большая частка перакрыццяў не захаваліся. Алтарная частка перакрыта паўсферычнай конхай і накрыта двухсхільным дахам.

Касцел—помнік архітэктуры з рысамі неабарока.


Царква знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на плошчы. Пабудавана была ў 1987 годзе з цэглы.
Кампазіцыя будынка чатырохчасткавая: асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец. Над асноўным аб’ёмам і бабінцам былі васьмігранныя барабаны, накрытыя вастраверхімі шатрамі. Асаблівасцю пластычнага вырашэння будынка з’яўляліся шчытавыя завяршэнні сцен аб’ёмаў і барабанаў, абрысы якіх паўтаралі шматсхільныя дахі. Фасады былі аздоблены вуглавымі трохчвэртнымі калонамі, зубчастымі фрызамі, аркатурнымі паясамі ў выглядзе арачак. Вокны былі падвойныя, з паўцыркульнымі завяршэннямі. Інтэр’ер асноўнага аб’ёму быў двухсветлавы. Дэкаратыўнае ўбранне не захавалася.

Царква-помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі псеўдарускага стылю і неаготыкі.

Зараз царква перажывае другі дзень нараджэння. Вядуцца работы па яе рэстаўрацыі. Пакуль што службы ў царкве праходзяць толькі ў святочныя дні.


© 2013-2023
Костюковичский районный исполнительный комитет
Официальный сайт